Як арганізавана дапамога суайчыннікам, прымусова вывезеным ва Украіну
2025-12-14
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі паведамляе пра актыўную працу па аказанні неадкладнай падтрымкі беларусам, якіх рэжым Лукашэнкі прымусова дэпартаваў ва Украіну. Дзякуючы каардынаваным намаганням шматлікіх гуманітарных і праваабарончых арганізацый людзям ужо аказваецца першапачатковая дапамога.
Па словах прадстаўніцы Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай, усе, хто апынуўся ва Украіне ў выніку гэтых дзеянняў, атрымліваюць месцы для начлегу, рэгулярнае харчаванне і неабходныя сродкі гігіены.«Мы імкнёмся як мага хутчэй забяспечыць людзей сродкамі сувязі — тэлефонамі, зарадкамі, доступам да інтэрнэту — каб яны маглі звязацца з роднымі», — адзначыла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы.
Паводле Зазулінскай, паралельна вядзецца збор інфармацыі па кожным выпадку для планавання далейшай падтрымкі, уключаючы юрыдычную дапамогу і магчымасць пераезду ў бяспечныя краіны.
Праца арганізавана сумеснымі высілкамі шэрагу ініцыятыў (дабрачыннага фонду «Краіна для Жыцця», BYSOL, Праваабарончага цэнтра «Вясна», ініцыятыў Ineedhelpby, Dissidentby, «Дапамога», «Вольныя», Палка Каліноўскага, праекта «Хочу Жить» і многіх іншых) у каардынацыі з Місіяй дэмакратычных сіл ва Украіне, прадстаўнікамі Кабінета па сацыяльнай палітыцы і нацыянальнай бяспецы, Офісам Святланы Ціханоўскай. Значная падтрымка аказваецца таксама з Літвы і Польшчы.«Беларуская салідарнасць сёння — гэта не лозунг, а штодзённая праца, якая вяртае надзею і дае сілы вытрымаць. Мы не дазволім, каб хоць адзін беларус застаўся сам-насам з бядой», — падкрэсліла Вольга Зазулінская.
Тым, хто яшчэ не змог звязацца са сваімі блізкімі, рэкамендуюць звярнуцца на гарачую лінію @hotline202512, пакінуўшы кантактныя даныя і вядомую інфармацыю. Валанцёры зробяць усё магчымае для аднаўлення сувязі.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет выказвае ўдзячнасць усім арганізацыям і валанцёрам, якія далучыліся да гэтай справы.
@CabinetBelarus



