Пачалася сустрэча для сямей, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівымі патрэбамі
2025-12-08
У Варшаве праходзіць сустрэча, прысвечаная падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівымі патрэбамі. Мерапрыемства праходзіць у гібрыдным фармаце: частка зацікаўленых у тэме прысутнічае асабіста, астатнія далучыліся анлайн.
У сустрэчы ўдзельнічаюць спецыялісты, якія працуюць з дзецьмі з асаблівымі патрэбамі, бацькі, эксперты, прадстаўнікі польскіх мясцовых улад. Сярод мэтаў мерапрыемства — абмен досведам, абмеркаванне асноўных цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца сем’і ў Польшчы і Літве, а таксама пошук магчымых рашэнняў у сферы адукацыі, медычнай і псіхалагічнай дапамогі і сацыяльнай падтрымкі.
У праграме ёсць сесія пра досвед сем’яў, абмеркаванне работы сістэмы аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнай абароны, а таксама заключны круглы стол з фармуляваннем асноўных высноў і прапаноў.«Наш галоўны фокус сёння — патрэбы дзяцей, бо менавіта яны і ёсць Новая Беларусь, дзеля якой мы ўсе сёння працуем. Гэта Беларусь абавязкова будзе не толькі дэмакратычнай, але і інклюзіўнай для грамадства і дзяржавы, дзе ствараюцца ўсе неабходныя магчымасці і ўмовы для людзей з рознымі патрэбамі. Як гэта зрабіць, трэба абмяркоўваць ужо сёння. Апроч таго, некаторыя праблемы ёсць цяпер. Разам іх вырашаць лягчэй», — сказала намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Ірына МакЛейн, адна з арганізатарак сустрэчы.
У сустрэчы таксама ўдзельнічаюць намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПКБ у справе аховы здароўя і медыцыны Станіслаў Салавей і дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч.
Арганізатары таксама пачалі працу над «Дарожнай мапай праблем і патрэбаў, з якімі сутыкаюцца беларускія сем’і, што выхоўваюць дзяцей з асаблівымі патрэбамі ў Польшчы і Літве». Для гэтага праводзіцца апытанне бацькоў.
Ініцыятыва рэалізуецца Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы АПК у цеснай супрацы з бацькоўскім клубам «Сцізорык» і пры падтрымцы Музея Вольнай Беларусі.
@CabinetBelarus




