«Абарона незалежнасці Украіны і абарона беларускай мовы — гэта два бакі адной барацьбы супраць агульнага ворага»
2025-12-05
Вярхоўная Рада дадала беларускую ў пералік моў, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне згодна з Еўрапейскай хартыяй рэгіянальных або мінарытарных моваў. Гэта мусіць садзейнічаць развіццю беларускамоўных ініцыятываў, школаў і медыя і дае гарантыі падтрымкі з боку ўкраінскай дзяржавы.
Гэтае рашэнне каментуюць прадстаўнікі Аб'яднанага Пераходнага кабінета.«Прызнанне беларускай мовы ва Украіне як той, што патрабуе дзяржаўнай абароны, а таксама з'яўляецца мовай камунікацыі беларускай меншасці ў дзяржаве — гэта важны крок для ўзаемапаразумення паміж беларускім і украінскім народамі», — кажа прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі.
Палітык падкрэсліў, што «беларуская мова застаецца адзнакай нацыянальнай тоеснасці для беларусаў, але зараз, на жаль, сама апынулася у сусветным атласе моў, якім пагражае знікненне, створаным пад эгідай ЮНЕСКА».«Гэта катастрафічная падзея для дзяржавы, дзе тытульная нацыя губляе ўласную мову праз імклівыя працэсы асіміляцыі мовай і культурай суседняй краіны. У Беларусі гэта адбываецца дзякуючы незаконна прынятаму дзяржаўнаму двухмоўю, якое фактычна замяшчае сферы ўжывання беларускай мовы ў грамадстве і падмяняе іх расійскай. Маштабы русіфікацыі ў Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі б'юць усе гістарычныя рэкорды.
На гэтым фоне падтрымка беларускай мовы з боку украінскай дзяржавы выглядае як стратэгічны і добра прадуманы крок, які скіраваны не на знішчэнне культурнай разнастайнасці лінгвістычнай мапы Еўропы і Свету, а на яе захаванне і ўзбагачэнне», — лічыць прадстаўнік АПК.
Павел Баркоўскі таксама спадзяецца, што рашэнне Вярхоўнай Рады стане падставай для дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый Украіны «больш не дыскрымінаваць беларускую мову як «мову краіны-агрэсара», а разумець яе багаты гістарычны кантэкст і сённяшнюю спецыфіку ўжывання».«Беларускі народ падтрымлівае незалежнасць Украіны і выступае супраць вайны. У будучыні, спадзяемся, гэтае рашэнне ўкраінскай улады стане надзейнай гарантыяй для ўнармавання стасункаў паміж нашымі народамі і зробіцца ўзорам для падтрымкі і захавання на заканадаўчым узроўні мовы ўкраінскай меншасці ў Беларусі», — перакананы прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні.
«Місія Дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне ўдзячная Вярхоўнай Радзе і парламентарыям Украіны за прыняцце такога закона. Гэта будзе спрыяць развіццю беларускай мовы ва Украіне як важнага кампанента нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і збліжэнню паміж народамі двух краінаў. Гэта дэманструе дружалюбныя крокі ў адносінах да беларусаў і падтрымку працэсаў самаідэнтыфікацыі і развіцця ўнутры краіны розных народаў ва Украіне. І гэта важна сёння, калі на сваёй радзіме — у Рэспубліцы Беларусь — рэжым ужо шмат дзесяцігоддзяў праводзіць мэтанакіраваную палітыку русіфікацыі», — перакананая кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве Святлана Шаціліна.
Яна нагадала, што «дыктатар Лукашэнка, які прыняў прысягу пад нацыянальным бела-чырвона-белым сцягам, сёння лічыць яго сімвалам тэрарызму і робіць усё, каб беларусы забыліся, што яны асобная нацыя, а не "рускія са знакам якасці", што ў іх ёсць свая мова, свая культура, свая гісторыя».«Абарона незалежнасці Украіны і абарона беларускай мовы — гэта два бакі адной барацьбы супраць агульнага ворага, які выкарыстоўвае русіфікацыю як інструмент для сваёй імперскай палітыкі і асіміляцыі», — заключыла Святлана Шаціліна.
@CabinetBelarus



