Зазулінская: «Валанцёры — гэта нябачны фронт дабра і салідарнасці»
2025-12-05
У Міжнародны дзень валанцёра прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская кажа, чаму дапамагаць гэта важна:
«Сёння Міжнародны дзень валанцёра. І для мяне гэта не проста дата ў календары. Валанцёрства — частка майго жыцця ўжо шмат гадоў, у розных ініцыятывах, праектах, камандах. Гэта не пра адну добрую справу на год, гэта пра выбар быць побач з людзьмі ў самыя складаныя моманты.
У гэты дзень хочацца ўспомніць усіх:
Тых, хто падтрымлівае хворых дзетак, працуе ў камандах з мінімальнымі рэсурсамі, але з вялізнай адданасцю. Мне даводзілася бачыць, як першымі прыходзілі на дапамогу людзі, у якіх саміх жыццё было няпростым. Людзі, якія лепш за іншых разумеюць боль, бо ведаюць яго з уласнага досведу.
Тых, хто ратуе жывёл, даглядае прытулкі, шукае дамы для тых, каго пакінулі, і вяртае ім давер да чалавека.
Тых, хто штодня выходзіць да людзей без сталага месца жыхарства з гарачай ежай і простай чалавечай увагай без лішніх словаў і асуджэння.
Тых, хто едзе ў дамы-інтэрнаты да пажылых людзей, людзей з інваліднасцю, дзяцей-сірот. І тых, хто бярэ клопат пра суседку ці суседа, бо хтосьці захварэў і не можа выйсці з дому. Гэта таксама валанцёрства — ціхае, нябачнае, але вельмі сапраўднае.
Асобна — пра валанцёраў, якія прыходзяць у арганізацыі дапамогі. Гэта не толькі людзі з добрым сэрцам, але і прафесіяналы: юрысты, псіхолагі, сацыяльныя работнікі, медыкі, перакладчыкі, журналісты, дызайнеры, адміністратары, піяршчыкі. Людзі, якія аддаюць свае веды, час і сілы пасля асноўнай працы, без узнагароды, проста таму, што не могуць інакш.
Асобны паклон — валанцёрам Акрэсціна 2020 года. Людзям, якія паказалі не толькі Беларусі, але і ўсяму свету, у чым наша сіла і што такое сапраўдная салідарнасць.
І тым, хто дапамагаў сем’ям палітвязняў, а пасля сам за гэта апынуўся за кратамі. Сёння яны ў турмах, СІЗА і калоніях за тое, што калісьці выбралі быць побач. Мы не маем права пра іх забыцца.
І, канешне, валанцёры ва Украіне. Мае асабістыя героі. Пра іх страту гавораць мала, але валанцёр на вайне — гэта тыл, гэта ўпэўненасць, што ў тых, хто на перадавой, будзе ўсё неабходнае. Гэта людзі, без якіх вайна была б яшчэ больш жорсткай. І многія з іх заплацілі за сваю дапамогу ўласным жыццём.
Невыпадкова Арганізацыя Аб’яднаных Нацый абвясціла 2026 год Міжнародным годам добраахвотнікаў, падкрэсліўшы, што валанцёрства — ключавы фактар устойлівага развіцця. Але для нас гэта ніколі не было пра дэкларацыі. Гэта заўсёды было пра канкрэтных людзей і канкрэтныя ўчынкі.
Валанцёры — гэта нябачны фронт дабра і салідарнасці. Гэта сіла, якой не вучаць у школе. Гэта выбар быць побач, калі цяжка.
Нізкі паклон кожнаму і кожнай.
І з Днём валанцёра — нас усіх».
@CabinetBelarus



