Юлія Міцкевіч: Барацьба за гендарную роўнасць — гэта і супраціў «русскому миру»
2025-12-04
Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч выступіла на панэлі «Абарона свабод у абмежавальных умовах: у цэнтры ўвагі Індэкс Усходняга партнёрства 2025» падчас Саміта грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які праходзіць у Бруселі 2-4 снежня.
Рэпрэсіі супраць жанчын узмацняюцца
«Сёння ў Беларусі — рэкордная колькасць жанчын-палітвязняў: 209 з 1 270 агульнай колькасці, паводле статыстыкі Dissident By. Рэпрэсіі не спыняюцца, а часам нават узрастаюць», — адзначыла Юлія Міцкевіч.
Гендарная роўнасць як супраціў агрэсіі
«Барацьба за правы жанчын — гэта не толькі задача жаночага руху. Гэта ключавая каштоўнасць любой дэмакратыі і адначасова супраціў расійскай агрэсіі. «Русский мир» прасоўвае так званыя «традыцыйныя» каштоўнасці, у тым ліку фінансуючы антынгендарныя рухі на Захадзе», — падкрэсліла намесніца прадстаўніцы па сацпалітыцы.
Высокая цана для актывістак
«Жанчыны, якія адвакатуюць гендарную роўнасць і лідарства, плацяць вялікую асабістую цану: падвойная нагрузка, валанцёрская праца без аплаты, кібербулінг і лічбавы гвалт. Але мы аб’яднаныя як ніколі і выкарыстоўваем міжнародныя механізмы, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці», — сказала Юлія Міцкевіч.
Альтэрнатыўныя даклады і міжнародная праца
Актывісткі прадставілі альтэрнатыўны даклад у CEDAW з канкрэтнай статыстыкай і выпадкамі дыскрымінацыі, у тым ліку хатняга гвалту і парушэнняў правоў жанчын-палітвязняў (па гендарнай ідэнтычнасці, інваліднасці, узросце, прыналежнасці да ЛГБТК+). Таксама быў падрыхтаваны даклад для Універсальнага перыядычнага агляду ААН, дзе высновы дэмсіл не супадаюць з афіцыйнай пазіцыяй лукашэнкаўскага рэжыму.
Выклікі і патрэба ў падтрымцы
«Скарачэнне фінансавання гендарных праграм — сур’ёзная праблема на фоне атак на дэмакратыю ў Беларусі і Еўропе», — адзначыла Юлія Міцкевіч. Яна падкрэсліла важнасць міжнароднай кааперацыі: «Мы дзелімся досведам працы ў выгнанні з грузінскімі і азербайджанскімі калегамі, бо ўмовы падобныя. Усходняе партнёрства дае магчымасць вучыцца і падтрымліваць адно аднаго».
«На саміце я магу быць голасам беларускіх жанчын — казаць пра тое, што балюча і што патрабуе ўвагі», — падсумавала Юлія Міцкевіч.
@CabinetBelarus



