Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: «Еўропа не будзе ў бяспецы без незалежнай Беларусі»

2025-12-02

Намеснік Кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка, прыняў удзел у Міжнароднай канферэнцыі ў партнёрстве з Аддзелам публічнай дыпламатыі NATO. Падчас свайго выступлення ён падкрэсліў, што пытанне Беларусі павінна стаць ключавым у фарміраванні новай сістэмы рэгіянальнай бяспекі ў Еўропе, бо сённяшняя сітуацыя ў краіне стварае пастаянную пагрозу для ўсяго кантынента.

«Бяспека Еўропы не будзе забяспечана ў поўнай меры, калі Беларусь не будзе ўключана ў сістэму еўрапейскай бяспекі. Еўропа не будзе ў бяспецы, калі Беларусь будзе вынесена за дужкі і ціха перададзена пад расійскі пратэктарат», — заявіў Латушка.


Паводле яго слоў, цяпер Беларусь ужо дэ-факта страціла значную частку суверэнітэту, асабліва ў сферы абароны і знешняй палітыкі.

«Рэжым Лукашэнкі захоўвае пэўную аўтаномію ва ўнутраных пытаннях, але ключавыя суверэнныя правы перададзеныя Расіі. Гібрыдныя атакі супраць ЕС і ўдзел у вайне супраць Украіны адбываюцца ў інтарэсах Крамля», — падкрэсліў палітык.


Латушка назваў унутраную палітыку рэжыму «дзяржаўным тэрорам», мэтай якога з’яўляецца знішчэнне асновы беларускага суверэнітэту праз масавыя рэпрэсіі і выцісканне з краіны актыўнай часткі грамадства.

«Стаўка на Лукашэнку — гэта абсалютна прайгрышная стратэгія. Ён стварае толькі крызіс, які робіць Беларусь перманентнай пагрозай для бяспекі Еўропы», — адзначыў ён.


Нацыянальны дыялог — ключ да вырашэння крызісу
Аб’яднаны Пераходны Кабінет прапануе правядзенне нацыянальнага дыялога ў фармаце круглага стала паміж дэмакратычнымі сіламі і прадстаўнікамі рэжыма пры ўмове захавання санкцыйнага ціску да рэальных зменаў з боку рэжыма. Латушка падкрэсліў, што ў беларускім грамадстве існуе кансэнсус: жыць у незалежнай дзяржаве, у міры з суседзямі і не ўдзельнічаць у войнах.

«Еўропа мае рэальны інструмент уплыву на рэжым — гэта санкцыі. Але важна, каб іх зняцце было магчымым толькі пры ўмове рэальнага дыялогу з дэмакратычнымі сіламі як паўнапраўным суб’ектам», — заявіў Латушка.


Папярэджанне Еўропе: не паўтараць памылак
Павел Латушка заклікаў ЕС не дапусціць ізаляцыі беларускага грамадства і ператварэння краіны ў «Паўночную Карэю 2.0».

«Нельга пакінуць беларусаў адзін на адзін з Расіяй і яе марыянеткай Лукашэнкам. Беларусь можа стаць гарантам рэгіянальнай бяспекі, але толькі як незалежная і дэмакратычная дзяржава», — падкрэсліў ён.


Кабінет прапануе стварыць групу краін-союзнікаў дэмакратычнай Беларусі і правесці палітычную канферэнцыю, прысвечаную падтрымцы беларускага грамадства і вырашэнню ўнутрыпалітычнага крызісу.

«Сёння перамовы аб міры ў Еўропе ідуць без згадкі Беларусі. Гэта памылка, якой карыстаецца Расія. Першы рубеж абароны Еўропы праходзіць не па мяжы ЕС з Беларуссю, а праз беларускае грамадства. Нельга яго страціць», — рэзюмаваў Латушка.

@CabinetBelarus

Main carousel image