Юлія Міцкевіч: Абарона жанчын і дзяўчынак ад гвалту — штодзённая задача
2025-11-25
16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту стартуюць сёння як частка міжнароднай кампаніі ў падтрымку жанчын і дзяўчынак і іх абароны ад любых формаў гвалту. Тэма гэтага года звязана з барацьбой супраць лічбавага гвалту.
Ініцыятыву каментуе намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч:«Рост гендарнага гвалту ў інтэрнэце з’яўляецца сур’ёзнай праблемай ва ўсім свеце. Гвалт у сетцы можа мець розныя формы: дамаганні, пагрозы згвалтавання, цкаванне, булінг, паклёп і эксплуатацыя. Такія дзеянні могуць прыводзіць да рэальных згвалтаванняў і забойстваў на глебе нянавісці да жанчын, то бок феміцыду.
З’яўленне новых тэхналогій пагоршыла праблему кіберсексізму, які з’яўляецца працягам «традыцыйнага» сексізму.
Паводле статыстыкі, сёння 96 працэнтаў дыпфейкаў у інтэрнэце маюць парнаграфічны характар, і 99 працэнтаў з іх адлюстроўваюць жанчын і дзяўчынак».
Паводле яе слоў, «сёння мы бачым, што тэхналогіі, у прыватнасці штучны інтэлект, развіваюцца хутчэй, чым заканадаўства многіх, нават самых прагрэсіўных краін».
«І так, з аднаго боку, штучны інтэлект прыносіць шмат магчымасцяў, а з другога боку — вядзе да змяншэння правоў і больш шырокага распаўсюджання лічбавага гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак. Але гэта тое, што датычыць свету. Аднак у Беларусі мы не гаворым пра кіберпрастору і нейкія абмежаванні там, паколькі ў Беларусі, на жаль, жанчыны не абароненыя ад праяў розных формаў дыскрымінацыі і гвалту», — адзначыла Юлія Міцкевіч.
Намесніца прадстаўніцы нагадала, што Беларусь амаль адзіная краіна на еўрапейскай прасторы (калі не лічыць Расію), дзе:
▪️ няма заканадаўства аб супрацьдзеянні хатняму гвалту
▪️ адсутнічае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства
▪️ не падпісана і не ратыфікавана Стамбульская канвенцыя
▪️ былі знішчаныя і адміністрацыйна закрытыя жаночыя і фемінісцкія арганізацыі, у тым ліку сэрвісныя, якія працавалі наўпрост з жанчынамі, што пацярпелі ад гвалту.
«Таму можна канстатаваць, што на сённяшні дзень жанчыны застаюцца сам-насам з гэтай вялізнай праблемай. І нават статыстыку, якая магла б паказаць узровень гвалту — стаў ён вышэйшы або ніжэйшы — праз немагчымасць праводзіць даследаванні і праз схаваную дзяржаўную статыстыку вельмі складана атрымаць», — дадала прадстаўніца АПК.
Аднак вядома, што кожная трэцяя жанчына ў Беларусі сутыкаецца альбо сутыкалася з гвалтам, у тым ліку сексуальным. На гэтым фоне Юлія Міцкевіч заклікае працягваць падтрымку жаночых і фемінісцкіх гендарных арганізацый:
«Як прадстаўніца Каманды па гендарнай роўнасці Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы, якая працуе з гэтымі тэмамі і з пытаннямі гендарных і жаночых правоў, я хачу асабліва падкрэсліць, што абарона жанчын і дзяўчынак ад любых формаў гвалту павінна быць штодзённай задачай дзяржавы. Гэта зруйнавана, а мы, як дэмакратычныя сілы, застаёмся тымі, хто павінны гэта выяўляць і з гэтым працаваць у першую чаргу», — заключыла прадстаўніца АПК.
@CabinetBelarus



