Новыя падручнікі па гісторыі Беларусі – гэта два крокі назад у савецкае мінулае
2025-10-27
У Беларусі з гэтага года адзінаццацікласнікі пачалі вучыцца па новых падручніках па гісторыі Беларусі («Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі»). прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі каментуе яго змест:«Новы падручнік па гісторыі Беларусі ў сусветным кантэксце чарговы раз падкрэслівае антынацыянальны і савецка-рэваншысцкі курс, абраны дзяржаўнай ідэалогіяй у дачыненні да палітыкі памяці і адукацыі беларускай моладзі.
Падручнік, створаны камандай афіцыйных гісторыкаў пад кіраўніцтвам дэкана гістфака БДУ Аляксандра Каханоўскага і навуковай рэдактурай Ігара Марзалюка – гэта два крокі назад у савецкае мінулае, калі вучням старэйшых класаў беларускіх школ навязваюць цалкам прасавецкі погляд на падзеі сусветнай гісторыі ХХ ст. Прыкра, што беларускія дзеці ў 2025 г. вымушаны чытаць пра «мудрую палітыку» КПСС і яе вырашальную ролю ў перамозе ў Другой Сусветнай, або так званай "Вялікай Айчыннай".
Гэта азначае, што цяпер яшчэ ў большай ступені, чым раней, – гэта самы непасрэдны клопат беларускіх бацькоў. Калі школа ператвараецца ў інструмент ідэалагічнай прапаганды — факты падмяняюцца «належнымі інтэрпрэтацыямі», а ўсё «нязручнае» выкідаецца з праграм — задача бацькоў зарыентаваць сваіх дзяцей у няўнасці аб'ектыўнай і слушнай інфармацыі пра гісторыю іх краіны і рэгіёна».
Прадстаўнік АПК прапанаваў беларусам, якіх клапоціць захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці і праўды пра гісторыю, прыняць удзел у месячнай акцыі «Вяртання да сапраўднай гісторыі».
Для гэтага Баркоўскі заклікае размаўляць з дзецьмі і распавядаць ім, дзе знайсці праўдзівую інфармацыю пра беларускую гісторыю і культуру, паглядзець разам з імі гістарычны відэаблог ці паслухаць падкаст, чытаць з імі кнігі нашых класікаў – Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Арлова, Леаніда Дайнекі і іншых.
Ён таксама заклікаў беларускія медыя больш пісаць «пра аб'ектыўную гісторыю Беларусі, рабіць падборкі лепшых матэрыялаў на гэтую тэму».
@CabinetBelarus



