Аліса Рыжычэнка на Freedom Games 2025: «Гісторыя Беларусі не скончылася ў 2020 годзе — яна толькі пачалася»
2025-10-27
Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліса Рыжычэнка на Freedom Games у Лодзі распавяла пра змаганне беларусаў за дэмакратыю і волю:«Беларусь 2020 — гэта не параза, гэта незавершаны поспех! За апошнія пяць гадоў мы зрабілі больш, чым многія народы за дзесяцігоддзі.
Мы разбілі легітымнасць Лукашэнкі, стварылі інстытуты, якія прызнаны міжнароднымі партнёрамі, і разбудзілі нашу нацыянальную ідэнтычнасць. Беларусь паказала, што аўтарытарызм больш не можа быць часткай яе будучыні», — адзначыла Аліса Рыжычэнка.
Паводле яе, «дыктатура — як сцяна з трэшчынамі: пакуль яна стаіць, ніхто не бачыць трэшчын, але калі іх становіцца шмат — яна падае імгненна».
«Наша галоўная задача — ствараць гэтыя трэшчыны… Мы іх робім праз эканамічны і палітычны ціск, праз санкцыі і міжнародную ізаляцыю, праз падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, праз працу дыяспары і салідарнасць тых, хто застаецца ўнутры краіны», — лічыць прадстаўніца АПК.
Палітык падкрэсліла: «Беларусы паказалі, што негвалтоўны супраціў застаецца самым эфектыўным адказам аўтарытарызму. Ён не дае рэжыму апраўдання для гвалту, але паступова падточвае яго — маральна, эканамічна і палітычна».«Беларусь сёння — гэта сетка людзей і інстытуцый, якія ўжо будуюць будучыню, калі старая сістэма яшчэ не ўпала, але ўжо не здольная ўтрымацца. Кожная ініцыятыва, кожны праект, кожны сумленны голас — гэта новая трэшчына ў гэтай сцяне.
Беларусь працягвае змагацца. Не праз зброю, а праз ідэі, працу і салідарнасць. І калі сцяна дыктатуры нарэшце ўпадзе, свет убачыць тое, што мы ведаем ужо цяпер: Беларусь жывая — і яна гатовая да свабоды», — заключыла Аліса Рыжычэнка.
Freedom Games («Гульні Свабоды») — вядучы фестываль ідэй у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і адзіная падзея такога кшталту ў Польшчы, адкрытая для шырокай публікі. Гэтая платформа аб’ядноўвае людзей вакол дэмакратычных каштоўнасцяў і бачання свету, заснаванага на свабодзе выбару, эканамічнай рацыянальнасці, культуры і дыялогу.
@CabinetBelarus





