ЕС узмацняе ціск на рэжым Лукашэнкі: тры банкі з расійскім капіталам з Беларусі трапілі пад санкцыі ЕС
2025-10-23
Еўрапейскі саюз 23 кастрычніка зацвердзіў новы пакет санкцый, накіраваных супраць фінансавай сістэмы, якая абслугоўвае рэжым Лукашэнкі. У 19 пакет санкцый ЕС супраць Расіі трапілі тры буйныя беларускія банкі з расійскім капіталам: «Альфа-Банк», «Банк ВТБ» і «Сбер Банк».
У лісце ад 6 чэрвеня ў Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка прасіў пра ўвядзенне блакуючых санкцый у дачыненні да банкаў з расійскім капіталам у Беларусі, а таксама НАУ перадавала аналітычную запіску «Магчымасці зніжэння эфектыўнасці ваеннай эканомікі Расіі праз санкцыі супраць фінансавага сектара Беларусі». 11 кастрычніка 2024 года абгрунтаванне такога падыходу было накіроўвана і ў Генеральны дырэктарат па фінансавай стабільнасці, фінансавых паслугах і саюзе рынкаў капіталу Еўракамісіі.
У гэтых зваротах ўвага еўрапейскіх партнёраў была звернутая на наступны факт: беларускія банкі падключаныя да Сістэмы фінансавых паведамленняў Банка Расіі (СПФС), што дазваляе абыходзіць ўведзеныя раней абмежаванні, у тым ліку на расійскую банкаўскую сістэму.«І вось нашы прапановы былі пачутыя. Згодна з рашэннем, апублікаваным у афіцыйным часопісе ЕС, з 2 снежня ўступае ў сілу забарона на любыя фінансавыя і дзелавыя аперацыі з "Альфа-Банк", "Сбербанк" і "Банк ВТБ".
Гэтыя банкі ўнесеныя ў абмежавальны спіс, паколькі яны выкарыстоўваюць расійскія фінансавыя сістэмы — СПФС, "Мір" і Сістэму хуткіх плацяжоў. Раней туды ўжо трапілі "Банк БелВЭБ" і "Белгазпрамбанк"», — канстатаваў Павел Латушка.
Паводле палітыка, гэта азначае, што ўсе фізічныя і юрыдычныя асобы Еўрасаюза не змогуць праводзіць праз іх аперацыі, адкрываць рахункі альбо ажыццяўляць плацяжы. Рашэнне ЕС накіравана на прадухіленне абыходу санкцый праз Беларусь і на блакіраванне фінансавых каналаў, якія забяспечваюць падтрымку агрэсіі супраць Украіны. Для ўжо дзеючых кантрактаў прадугледжаны пераходны перыяд да 25 красавіка 2026 года.Як адзначыў Павел Латушка: «Гэтыя санкцыі — не проста фінансавае абмежаванне. Гэта прамая рэакцыя Еўропы на тое, што рэжым Лукашэнкі працягвае абслугоўваць ваенныя і эканамічныя інтарэсы Крамля, дапамагаючы Расіі абыходзіць міжнародныя абмежаванні і падтрымліваючы яе агрэсію супраць Украіны».
ЕС таксама пацвердзіў, што меры не закранаюць гуманітарныя пастаўкі — прадукты харчавання, лекі, медыцынскія вырабы. Гэта значыць, ціск накіраваны на нелегітымную ўладу, а не на народ.«Беларусь і беларусы — не тое самае, што рэжым. Міжнародная супольнасць бачыць розніцу паміж тымі, хто змагаецца за свабоду, і тымі, хто дапамагае агрэсару. Гэтыя санкцыі — сігнал, што дыктатура не застанецца беспакарана», — заявіў Павел Латушка.
Таксама 19-ы пакет санкцый ЕС супраць Расіі унёс іншыя змены ў санкцыйныя рашэнні і рэгламент ЕС па Беларусі. Пад санкцыі ЕС трапілі холдынг «Гарызонт», навукова-даследчае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут лічбавага тэлебачання Гарызонт», ЗАТ «Галаграфічная індустрыя», а таксама Ілля Ікан, старшыня канцэрна «Белнафтахім», і Юрый Предка, генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу “Гарызонт”».
@CabinetBelarus



