Ціханоўская: «Перамены могуць прыйсці ў адзін дзень, і сёння мы будуем рэйкі для іх»
2025-10-22
Пад час выступу ў Еўрапарламенце кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская падзякавала дэпутатам за падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі:«З самага першага дня Еўрапейскі парламент быў на нашым баку. Пакуль урады вагаюцца, вы ДЗЕЙНІЧАЛІ — асуджалі фальшывую легітымнасць Лукашэнкі, заклікалі да санкцый, прасоўвалі візы і магчымасці для беларусаў», — сказала яна.
Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу на тое, што сёння мы закладаем падмурак для будучых пераменаў:«Перамены могуць прыйсці не за адзін дзень — але я ведаю, што яны прыйдуць. Сёння мы будуем рэйкі гэтых пераменаў, каб аднойчы змясціць Беларусь на правільны шлях — еўрапейскі шлях, які ўжо ніколі не заблакуе ні Расія, ні Лукашэнка. І, так, я веру, што Беларусь СТАНЕ гісторыяй поспеху, і мы ўсе напішам гэту гісторыю разам».
Кіраўніца АПК падзякавала ўсім, хто дапамагае ў вызваленні беларускіх палітвязняў, але заклікала не паддавацца «ілюзіям адносна так званай “гуманнасці” Лукашэнкі»:«Не будзем наіўнымі. Ён вызваляе шэсцьдзесят — і адразу арыштоўвае сто дваццаць. Гэта — як дзверы, якія круцяцца. Нават тыя, каго “памілавалі”, не зусім свабодныя: іх дэпартуюць без дакументаў, у кайданках, з мяхом на галаве. Іх сем’і, якія засталіся ў Беларусі, пераследуюць КДБ. Тыя, хто адмаўляецца з’язджаць — як Мікола Статкевіч, лідар беларускіх сацыял-дэмакратаў — зноў трапляюць у турму. Для Лукашэнкі людзі — толькі разменная манета».
Яна адзначыла, што «санкцыі працуюць» і «прымушаюць рэжым ісці на саступкі, вызваляць людзей, эканоміка рэжыму стагнуе, дэфіцыт расце, ён выжывае ў асноўным за кошт ваенных кантрактаў з Расіяй», і заклікала не паслабляць ціск, а «дзейнічаць яшчэ больш рашуча і патрабаваць больш».
Ціханоўская заклікала думаць пра "Беларусь пасля Лукашэнкі", падтрымліваць праеўрапейскі дух унутры краіны праз кантакты і візы для звычайных беларусаў, адкрытыя мяжы, культурныя ініцыятывы, умацаванне незалежных СМІ і дэмакратычных інстытутаў.«Падтрымлівайце нашых людзей — як унутры краіны, так і ў выгнанні. Тысячы беларусаў у ЕС сталі дэ-факта бездзяржаўнымі, без дакументаў і сутыкаюцца з транснацыянальнымі рэпрэсіямі. Інвестуйце ў людзей, а не ў дыктатараў. Бо ваенная сіла — нічога не вартая без людзей, гатовых абараняць свае каштоўнасці», — заклікала кіраўніца АПК.
Беларускі палітык таксама падкрэсліла, што «Украіна павінная перамагчы»: «Поспех Украіны адкрые шлях для ўсіх нашых народаў, якія жывуць у цені Імперыі — не толькі для Беларусі, але і для Арменіі, Грузіі і Малдовы. Мы, беларусы, стаім з Украінай не толькі словамі, а і справамі».
Святлана Ціханоўская падзякавала за ўзнагароджванне прэміяй Сахарава беларускага журналіста і палітвязня Анджэя Пачобута і звярнулася ў Еўрапарламенце да беларусаў па-беларуску:«Дарагія беларусы — і тыя, хто ў краіне, і тыя, хто выехаў. Ніколі не губляйце надзею. Ніколі не здавайцеся. І не здраджвайце сваім прынцыпам. Як казаў Алесь Бяляцкі: «Я веру, бо ведаю, што мінае ноч і надыходзіць ранак. Я ведаю, што нас няўтомна штурхае наперад — гэта надзея і мара»».
@CabinetBelarus





