Павел Баркоўскі: «Падтрымка незалежнай беларускай адукацыі і культуры можа стаць ключом для захавання адметнасці беларускага народа і яго залучэння ў еўрапейскую сям'ю»
2025-10-21
Адбылася працоўная сустрэча Прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Паўла Баркоўскага і яго намесніцы ў пытаннях культуры Ірэны Кацяловіч са спецыяльным пасланнікам па Беларусі, амбасадарам Каралеўства Нідэрланды ў Польшчы Енесам дэ Молам у прысутнасці старэйшага палітычнага дарадцы Войцэха Бародзіча.
Пад час размовы ўздымаліся пытанні моўнай і палітычнай сітуацыі ў Беларусі, магчымасцяў падтрымкі беларускіх арганізацый адукацыі і культуры за мяжой і ў самой Беларусі ў мэтах развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці.
Беларускае пытанне разглядалася у больш шырокім кантэксце змагання нацый Усходняй Еўропы за ўласную самастойнасць, палітычную і культурную аўтаномію ў святле расійскай імперскай палітыкі і каланіялізму мясцовых элітаў.
Было праведзена абмеркаванне магчымай будучай моўнай палітыкі дэмакратычных сіл, актуальнай неабходнасці узмацнення беларускай культуры перад пагрозамі пашырэння «рускага свету» і дамінавання прапаганды на інфармацыйным полі.«Мы вельмі ўдзячныя нашым еўрапейскім партнёрам, асабліва каралеўству Нідэрландаў за доўгатэрміновую падтрымку барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў нашай краіне, асаблівую ўважлівасць да пытанняў дапамогі арганізацыям, якія працуюць на захаванне беларускай ідэнтычнасці. Нягледзячы на цяжкасці і асіметрычнасць высілкаў, якія прыкладаюць беларускія арганізацыі ў дыяспары і дома (пераважна падпольна) у супрацьстаянні знішчэнню нацыянальнай свядомасці і культурнага коду, менавіта падтрымка незалежнай беларускай адукацыі і культуры можа стаць ключом для захавання адметнасці беларускага народа і яго залучэння ў дэмакратычную еўрапейскую сям'ю ў будучыні», — адзначыў Павел Баркоўскі.
Асобна было абмеркаванае пытанне падтрымкі ініцыятываў на тэрыторыі Беларусі, ва ўмовах, калі вынік і ўплыў гэтай падтрымкі цяжка не толькі прадказаць, але і ацаніць.
Ірэна Кацяловіч адзначыла, што беларусы ўнутры краіны з’яўляюцца галоўнымі спажыўцамі многіх культурніцкіх і адукацыйных праектаў у анлайн фармаце і дэманструюць пастаянную ўвагу да свабоднага выказвання, што ўзнікае за мяжой. Гэта, па яе меркаванню, сведчыць пра запыт і захоўванне светапогляду і каштоўнасцяў, прадэманстраваных у 2020 годзе.
Да таго ж, як звярнула ўвагу Кацяловіч, многія творцы ўнутры Беларусі засталіся поўнасцю ці часткова без доступу да прафесійнага жыцця альбо праз чысткі, альбо з уласных перакананняў. Гэта пазбаўляе беларускую культуру экспертызы і якаснага культурніцкага прадукту, менавіта таму вельмі важна зменшыць гэтыя страты.«На мой погляд, менавіта тое, што культывуецца на тэрыторыі Беларусі, будзе галоўнай крыніцай вольнага духа, калі палітычная сітуацыя зменіцца», — падзялілася Ірэна.
Бакі прадэманстравалі гатоўнасць да далейшага дыялогу ў гэтым пытанні.
@CabinetBelarus



