«Беларуская здзелка» павінна быць у аснове палітыкі ЕС і ЗША – Павел Латушка
2025-10-20
«Лукашэнка хоча “Big deal” з Захадам. Але ў яго няма ніякай “Big deal” для беларусаў», — заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас выступу на «Berlin Belarus Future Forum 2025». Форум арганізаваны найбуйнейшымі нямецкімі фондамі: імя Фрыдрыха Эберта, імя Конрада Адэнаўэра, імя Фрыдрыха Наўмана, імя Генрыха Бёля, а таксама Міністэрствам замежных спраў Германіі.
На мерапрыемстве Павел Латушка падкрэсліў, што менавіта мэтанакіраваная палітыка рэжыму Лукашэнкі вядзе да знішчэння ўсяго, на чым павінна будавацца будучыня Беларусі:
– незалежнасці;
– бяспекі;
– нацыянальнай ідэнтычнасці;
– грамадзянскай супольнасці і моладзі;
– незалежных медыяў;
– палітычнай альтэрнатывы;
– правасуддзя і справядлівасці.
Намеснік кіраўніцы Кабінета заявіў, што выхадам з палітычнага тупіка, у які завёў Беларусь Лукашэнка, з'яўляецца нацыянальны дыялог, мэтай якога ёсць змена рэпрэсіўнай і разбуральнай палітыкі рэжыму.«Сёння Лукашэнка заяўляе, што гатовы да “Big deal” з ЗША. І хоча, каб у гэтай здзелцы ўдзельнічала і Еўропа. Здзелка ў яго разуменні — гэта здзелка з ім, калі без рэальнай змены палітыкі і без вырашэння ўнутранага беларускага крызісу ён імкнецца вырашыць свае пытанні: зняцце санкцый, ухіленне ад адказнасці, міжнароднае прызнанне — "business as usual".
Але ці можа лічыцца добрай здзелка, у аснове якой ляжыць адмова рэжыму Лукашэнкі ў будучыні для Беларусі? Таму што пры захаванні статус-кво, без змены ягонай палітыкі будучыні ў Беларусі няма. Без дамоўленасці з беларускім грамадствам і дэмакратычнымі сіламі не можа быць ніякіх знешніх здзелак», — адзначыў Павел Латушка.
Намеснік кіраўніцы Кабінета падкрэсліў, што без удзелу дэмакратычных сіл у палітычным жыцці краіны не адбудзецца змены палітыкі. Калі не будзе ўнутранай беларускай здзелкі, дадаў ён, не будзе гарантый выканання якой заўгодна «Big deal».
«Важна, каб заходнія партнёры — і еўрапейскія, і амерыканскія — ды і мы самі, дэмакратычныя сілы, грамадзянская супольнасць, памяталі пра важнасць рэальных, а не касметычных зменаў цяперашняй палітыкі рэжыму Лукашэнкі. Пра тое, што неабходна: спыненне рэпрэсій, вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, дэкрыміналізацыя палітычнага і грамадзянскага жыцця ў Беларусі, спыненне экстэрытарыяльнага пераследу беларусаў, канчатковае ўрэгуляванне міграцыйнага крызісу і спыненне гібрыднай агрэсіі супраць Еўропы», — заявіў палітык.
Ён падкрэсліў: «Лукашэнка павінен атрымаць гэты сігнал: без "Беларускай здзелкі" не будзе "Big deal". Не будзе зняцця санкцый, не будзе выхаду з ізаляцыі, не будзе мастоў на Захад».
Поўны тэкст выступу Паўла Латушкі — тут.
@CabinetBelarus



