Ірына МакЛейн: «Псіхічнае здароўе — гэта люстра, як грамадства захоўвае чалавечнасць у цяжкія часы»
2025-10-10
Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета ў справе ўразлівых груп Ірына Маклейн да Міжнароднага Дня псіхічнага здароўя пракаментавала сітуацыю ў Беларусі і за яе межамі:
«Псіхічнае здароўе — гэта не асабістая справа некалькіх людзей. Гэта люстра таго, як грамадства ўмее клапаціцца пра сябе, як яно ставіцца да ўразлівых, як захоўвае чалавечнасць у цяжкія часы.
Беларусы ведаюць, што значыць жыць пад ціскам — страх, няпэўнасць, страта працы, разлука з сям’ёй, вымушаная эміграцыя. І нават калі мы знешне трымаемся, унутры многія з нас перажываюць боль і стомленасць, якія назапашваліся гадамі. Гэта нармальная рэакцыя на ненармальныя абставіны.
Асабліва балюча назіраць, што ў Беларусі зноў ужываюцца метады каральнай псіхіятрыі, калі медыцына становіцца інструментам гвалту, а не дапамогі. Гэта супярэчыць самой сутнасці прафесіі і прынцыпам гуманнасці. Мы павінны адкрыта казаць пра гэта і адстойваць тых, каго спрабуюць зламаць пад выглядам «лячэння».
Аднак і ў выгнанні шмат ціхага болю. Разлука, віна, трывога, адчуванне, што зямля пад нагамі нестабільная. У гэтых умовах асабліва важна захоўваць эмпатыю і павагу адзін да аднаго, не пераносіць раздражненне і страх на людзей побач, памятаць, што кожны перажывае сваю гісторыю.
Псіхічнае здароўе — гэта частка нашага агульнага здароўя. Як і пры любой іншай праблеме, трэба не маўчаць, не саромецца шукаць падтрымку і не пакідаць чалавека сам-насам з яго цяжкасцямі. Калі няма магчымасці атрымаць прафесійную дапамогу — дапамагчы можа простая размова, удзячнасць, цішыня і разуменне.
Стыгматызацыя псіхічных праблемаў — небяспечная. Яна прымушае людзей хаваць боль і аддаляе ад дапамогі. Таму ў нашай працы і паўсядзённым жыцці варта фарміраваць іншае стаўленне праз адкрытасць, адукацыю і прыклад асабістага клопату.
Клопат пра сябе і пра іншых — гэта не слабасць, а праява адказнасці і сілы. Беражліва ставячыся да ўласнага псіхічнага здароўя, мы ўмацоўваем устойлівасць усяго грамадства.
🤍 Калісьці мы змаглі аб’яднацца, каб супрацьстаяць гвалту. Цяпер нам трэба аб’яднацца, каб захаваць чалавечнасць — у сабе і вакол сябе».
@CabinetBelarus



