Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Чы м больш праеўрапейскіх і прадэмакратычных беларусаў, тым мацнейшай і больш бяспечнай становіцца Еўропа»

2025-10-09

У Бруселі прайшла сустрэча прадстаўнікоў еўрапейскіх інстытуцый з прадстаўнікамі беларускай палітычнай і грамадзянскай супольнасці, арганізаваная Еўрапейскай камісіяй (DG ENEST) і Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў (EEAS) сумесна з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам, Каардынацыйнай Радай і Офісам Святланы Ціханоўскай. Галоўная мэта — абмеркаванне прыярытэтаў падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі.

Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская ў выступленні на пачатку сустрэчы заявіла аб стратэгічнай важнасці еўрапейскай падтрымкі беларускага народа:

«Месяц таму я ўдзельнічала ў сустрэчы Gymnich у Капенгагене, і адзін з міністраў, што сядзеў побач, сказаў: "Мы падтрымліваем вас і будзем падтрымліваць не толькі з салідарнасці. Мы рэалісты. Мы робім гэта і дзеля сябе. Падтрымліваючы вас — мы ўкладваем у ўласную бяспеку і ўласныя каштоўнасці". 
І ён меў рацыю. Узмацняючы беларускае грамадства, яго дэмакратычныя сілы, медыя, культуру і НДА — мы ўмацоўваем усходнюю мяжу Еўропы перад расійскай агрэсіяй. Чым больш беларусаў праеўрапейскіх і прадэмакратычных, тым мацнейшай і больш бяспечнай становіцца Еўропа».


Падчас сустрэчы прадстаўнікі Еўрасаюза адзначылі нязменнасць далейшага ціску на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку з выкарыстаннем санкцыйнай палітыкі, бо рэжым Лукашэнкі не змяняе ўнутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку.

Намеснік кіраўніцы АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка падымаў пытанні спрыяння выкарыстанню міжнародных інструментаў адказнасці за злачынствы супраць беларусаў, а таксама санкцыйнай палітыкі і бяспекі Еўрасаюза ў кантэксце важнасці захавання пазітыўнага стаўлення беларускага грамадства да ЕС.

«Палітычная і эканамічная ізаляцыя рэжыму Лукашэнкі — ключавы элемент ціску на дыктатара і прымусу рэжыму да змены палітыкі», — сказаў Павел Латушка. Намеснік кіраўніцы АПК падкрэсліў: «Схіліць рэжым да змены палітыкі ў бок дэмакратызацыі праз нацыянальны дыялог з дэмакратычнымі сіламі магчыма толькі праз REAL, а не soft power. Інтарэсы Еўропы ў Беларусі ніколі не будуць захаваныя, пакуль ва ўладзе знаходзіцца гэты рэжым. Еўрапейскую арыентацыю Беларусі сёння і ў будучыні стратэгічна прадстаўляюць беларускія дэмакратычныя сілы. Прысутнасць ЕС у Беларусі без дэмакратызацыі немагчыма».

Прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Кабінета Уладзімір Астапенка ў рамках абмеркавання стратэгічных прыярытэтаў дэмакратычнай Беларусі прадставіў даклад «Гледзячы на ​​будучыню: стратэгічныя адказы на палітычныя падзеі».

Ён адзначыў, што «беларусы – гэта адзіны народ у Еўропе, які не мае магчымасці абскардзіць дзеянні ўлады праз міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека, а лукашэнкаўская Беларусь – адзніная краіна ў свеце, якая забараніла яе амбасадам выконваць належным чынам консульскія функцыі ў адносінах да сваіх грамадзян за мяжой», і заклікаў еўрапейскіх партнераў узмацніць падтрымку дзейнасці, накіраванай на абарону інтарэсаў беларускіх грамадзян.


Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі на сустрэчы прадставіў даклад «Чалавечы капітал: адукацыя і культура» і прэзентаваў дзейнасць рабочых груп.

«Нам ўсім трэба разумець, што пытанні адукацыі і культуры для Беларусі сёння гэта перадавая лінія барацьбы за ідэнтычнасць. Беларусам не патрэбныя "Абрамсы" ці "Леапарды", каб абараняць сябе, але нам патрэбна ўся еўрапейская падтрымка для таго, каб абараніць сваю ідэнтычнасць і перакананні», — адзначыў Павел Баркоўскі.

Ён падкрэсліў, што «мы павінны разглядаць вызваленне беларускай адукацыйнай і культурнай сфер ад расійскага дамінавання як асноўную палітычную мэту еўрапейскай палітыкі».

У сустрэчы таксама прымалі ўдзел прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская і кіраўнік апарата АПК Валер Мацкевіч.

@CabinetBelarus

Main carousel image