Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Альянс парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» лічыць еўраінтэграцыю Беларусі гарантыяй яе незалежнасці

2025-10-08

У мемарандуме, прынятым у Парыжы, Альянс парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» таксама пацвердзіў агульную мэту — аднаўленне дэмакратыі ў Беларусі праз свабодныя і справядлівыя выбары.

У прыватнасці еўрапейскія дэпутаты:

📌лічаць Беларусь неад’емнай часткай еўрапейскай гістарычнай і культурнай прасторы;
пацвярджаюць непрызнанне вынікаў сфальсіфікаваных антыдэмакратычных выбараў, праведзеных рэжымам Лукашэнкі;

📌адрозніваюць нелегітымны рэжым, які стаў саўдзельнікам у вайне Расіі супраць Украіны, ад народа Беларусі;

📌 падтрымліваюць дзейнасць дэмсіл Беларусі, якія дэ-факта прадстаўляюць беларускі народ і яго волю жыць у дэмакратычнай, незалежнай дзяржаве: Святлану Ціханоўскую, нацыянальнага лідара Беларусі; Аб’яднаны Пераходны Кабінет; Каардынацыйную раду; дэмакратычныя палітычныя партыі; арганізацыі грамадзянскай супольнасці і ініцыятывы; праваабаронцаў; незалежныя СМІ;

📌 адзначаюць, што пагрозы рэгіянальнай бяспецы, выкліканыя палітыкай рэжыму Лукашэнкі, захоўваюцца, пакуль крызіс у Беларусі не будзе вырашаны.

Яны рэкамендавалі нацыянальным парламентам падпісаць двухбаковыя мемарандумы аб супрацоўніцтве з беларускімі дэмсіламі, а таксама стварыць адпаведныя групы для супрацы.

Аўтары Парыжскага мемарандуму таксама заклікалі дэмсілы і партыі Беларусі актыўна ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду ў траўні 2026 года, «каб сумесна забяспечыць яе статус прадстаўнічага і ўплывовага органа дэмакратычнага транзіту ў Беларусі».

Дэпутаты запатрабавалі «неадкладнага спынення рэпрэсій і тэрміновага безумоўнага вызвалення ўсіх беларускіх палітычных зняволеных без іх прымусовай дэпартацыі з Беларусі».

«Беларускім дэмсілам вельмі важна бачыць падобную падтрымку ад еўрапейскіх партнёраў і іх прынцыповую пазіцыю, якая застаецца непахіснай з цягам часу. Работа парламенцкіх груп "За дэмакратычную Беларусь" — гэта адзін з прыкладаў супрацы, якая паспяхова развіваецца і знаходзіць прыхільнікаў у новых краінах. Вельмі слушная прапанова — развіваць двухбаковыя стасункі нацыянальных парламентаў з Каардынацый радай, што без сумневу будзе спрыяць умацаванню яе суб'ектынасці і аўтарытэту», — пракаментаваў мемарандум прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Уладзімір Астапенка.


У Парыжы прайшла 3-я сустрэча Альянсу парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», арганізаваная Нацыянальнай асамблеяй Францыі і Офісам Святланы Ціханоўскай. У ёй прынялі ўдзел кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская, намеснік прадстаўніцы Павел Латушка, прадстаўнікі Уладзімір Астапенка і Аліса Рыжычэнка, кіраўнік апарата Кабінета Валерый Мацкевіч.

@CabinetBelarus

Main carousel image