Аліса Рыжычэнка заклікала еўрапейскіх партнёраў падтрымаць дарожную картку еўрапейскай інтэграцыі Беларусі
2025-10-07
Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліса Рыжычэнка сёння прыняла ўдзел у трэцяй сустрэчы Альянсу парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» у Нацыянальнай Асамблеі Францыі.
Аліса Рыжычэнка падкрэсліла, што «галоўная задача дэмакратычных сіл — прапанаваць беларусам не толькі палітычную, але і эканамічную альтэрнатыву»:«Не ілюзію, а рэальны выбар — еўрапейскі шлях развіцця, які дасць краіне стабільнасць, прадказальнасць і магчымасць стаць надзейным партнёрам для ўсяго рэгіёну».
«Пакуль Расія прапануе Беларусі залежнасць, мы павінны прапанаваць выбар. Выбар свабоды, справядлівасці і еўрапейскіх магчымасцяў», — адзначыла прадстаўніца АПК.
Аліса Рыжычэнка таксама заклікала еўрапейскіх партнёраў падтрымаць распрацоўку эканамічных рэформаў, адукацыю спецыялістаў і дарожную карту еўрапейскай інтэграцыі Беларусі. Толькі так, лічыць палітык, «Беларусь зможа аднавіць свой эканамічны суверэнітэт і палітычную незалежнасць».«Дэмакратычная Беларусь — гэта не мара, а праект, у якім выйграе ўся Еўропа!» — падкрэслівае Рыжычэнка.
@CabinetBelarus



