«Дзень настаўніка — гэта свята са слёзамі на вачах» - Андрэй Лаўрухін
2025-10-06
Намеснік прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні ў справе адукацыі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Андрэй Лаўрухін да Дня настаўніка пракаментаваў сітуацыю ў гэтай галіне ў Беларусі:«Прафесія настаўніка ў Беларусі зараз не толькі адна з самых нізкааплатных і маральна двухсэнсоўных (пасля ганебнага масавага ўдзелу ў падтасоўцы дадзеных выбараў-2020), але і небяспечных — паляванне на палітычна нелаяльных настаўнікаў і выкладчыкаў працягваецца. Настаўнікі для сілавікоў — гэта самая лёгкая і зручная для кар'ернага росту нажыва», — адзначыў Лаўрухін.
Ён нагадаў, што па звестках дарадцы Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Паўла Церашковіча за мінулыя 5 гадоў больш за 6 тыс. настаўнікаў засталіся без працы праз рэпрэсіі, звыш 50 педагогаў прайшлі «праз пекла катаванняў у калоніях і на “хіміі”», некаторыя і цяпер знаходзяцца за кратамі.«Спробы Міністэрства адукацыі і іншых інстытутаў сістэмы адукацыі кампенсаваць дэфіцыт кадраў праз скарачэнне тэрмінаў навучання на педагагічных спецыяльнасцях, павелічэнне «мэтавікоў» і тэрмінаў адпрацоўкі па прымусовым размеркаванні не прыносяць адчувальных вынікаў: чысткі праходзяць значна хутчэй, прасцей і "эфектыўней"», — дадаў прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінету.
Паводле яго, «у гэтыя цёмныя часы захаваць прафесійную, грамадзянскую і чалавечую годнасць настаўнікам і выкладчыкам вельмі няпроста».«Але тым больш каштоўныя асобы, якія ў стане прайсці праз гэта горан выпрабаванняў і не дэвальваваць сваю прафесію, не страціць грамадзянскае і чалавечае аблічча. Менавіта на такіх асобах трымалася і трымаецца адукацыя ў сапраўдным сэнсе гэтага слова. Менавіта такіх Настаўнікаў з вялікай літары мы шануем і любім усё наша жыццё. З нагоды прафесійнага свята мне хочацца выказаць менавіта ім самыя шчырыя і цёплыя словы ўдзячнасці і падтрымкі: менавіта Вы і Ваша самаадданая праца дае ўсім нам надзею на іншую будучыню для Беларусі», — заключыў Андрэй Лаўрухін.
@CabinetBelarus



