Юлія Міцкевіч: Гендарная роўнасць застанецца фокусам Швецыі ў супрацоўніцтве з беларускім дэмрухам
2025-10-03
Удзельніцы і арганізатаркі лідарскай праграмы для беларускіх жанчын, якая заканчваецца ў Стакгольме, сустрэліся з Патрыкам Свенсанам, спецпрадстаўніком Швецыі па сувязях з беларускімі дэмсіламі і паслом Швецыі ў краінах Усходняга партнёрства.
Патрык Свенсан падкрэсліў:«Для мяне Беларусь — новы кірунак у маёй кар’еры і новы досвед, але і вялікі гонар, і я працягну рабіць гэтую працу на такім жа высокім узроўні, як гэта рабіла мая папярэдніца Крыстына Ёханесан. Як мужчыне-палітыку мне важна сказаць, што вы робіце ўражальную працу як жанчыны-лідаркі для вашай краіны і перамогі дэмакратыі ў ёй — а яна абавязкова будзе, і, мы верым, што хутка».
Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, адказная за пытанні гендарнай роўнасці і ўразлівых груп Юлія Міцкевіч адзначыла, што яны атрымалі выразны сігнал ад спадара Свенсана пра тое, што «Швецыя захавае фокус на прасоўванні гендарнай роўнасці і падтрымцы гендарных рэформаў для дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі ў сваім супрацоўніцтве з беларускімі дэмсіламі».«Гендарны мейнстрымінг — гэта прыярытэт не толькі Швецыі, але і ўсёй Еўропы. Таму калі мы імкнёмся стаць у будучыні часткай еўрапейскай супольнасці, мы павінны прыносіць гендар як скразную вартасць за стол перамоў па любым пытанні беларускай павесткі», — падкрэсліла Міцкевіч.
Лідарская праграма для беларускіх актывістак праводзіцца ў кааперацыі з партнёрскай арганізацыяй International IDEA.
@CabinetBelarus




