Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

З Днём Нязломнасці!

2025-02-02

– Віншуе беларусаў і беларусак в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі:

«Хачу павіншаваць вас са святам, прымеркаваным да дня народзінаў вядомага героя беларускай зямлі – Кастуся Каліноўскага. Гэта напамін усім нам пра тое, што толькі наша настойлівасць у змаганні за свабоду, незалежнасць, лепшую будучыню для наступных пакаленняў дае свой плён скрозь стагоддзі.

Як казаў Уладзімір Караткевіч вуснамі свайго персанажа ў драме «Кастусь Каліноўскі»: «Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця... на вышыню нашых магіл». Гэта азначае, што нязломная праца і шчыраванне на карысць будучыні неабавязкова прыносіць хуткі плён, але без яе сама гэта будучыня можа стацца зусім не той, якой бы мы хацелі бачыць яе для нашых нашчадкаў.

Героі і гераіні, якія дэманструюць нязломнасць і адданасць справе свайго народа і краіны, паўсюдна.

Гэта мужныя беларускія ваяры, якія сёння змагаюцца за свабоду свайго і блізкага нам украінскага народу і з гонарам носяць на сваіх плячох нацыянальныя сімвалы, імя Каліноўскага – і тыя, хто цяпер на перадавой, і тыя, хто навек застануцца ў нашай памяці: Аляксей «Тур» Скобля, Іван «Брэст» Марчук, Марыя Зайцава, Аляксандр Новік і многія іншыя.

Гэта беларускія палітвязні, як вядомыя, што ўжо доўгі час знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, але дэманструюць сваю нязломнасць – Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Павел Севярынец, Марыя Калеснікава, і спіс, на жаль, доўгі... – і менш вядомыя, але не менш важныя беларусы і беларускі, якія аддалі іншым самае каштоўнае, што маюць – сваю свабоду і здароўе. Дзеля таго, каб іх краіна хаця б на крок наблізіліся да дэмакратыі і свабоды, каб законы не былі пустым месцам, а гвалт у грамадстве не быў нормай.

Гэта беларуская моладзь, якая ідзе не за кар’ерай на службу да аўтарытарнай улады – каб саджаць сваіх равеснікаў, але змагаецца за правы студэнцтва, прасоўвае дэмакратычныя каштоўнасці і ідэалы нават з рызыкай для сябе.

Гэта мужныя медыкі і спартсмены, якія не здраджваюць сваім перакананням і абіраюць часам цяжкі шлях эміграцыі і выпадання з прафесіі, але працягваюць заставацца годнымі людзьмі.

Гэта тысячы і мільёны людзей, якія спрабуюць захоўваць свае погляды і ідэалы насуперак абставінам і выпрабаванням, не здрадзіўшы сваім продкам і сучаснікам. Я думаю, у кожнага з нас ёсць такія прыклады асабістай нязломнасці і гонару проста перад вачыма.

Таму гэты дзень яшчэ адна добрая нагода, каб публічна ці асабіста выказаць такім людзям сваю павагу і захапленне. Віншую са святам і заклікаю ганарыцца нязломнымі беларусамі. Імі ганаруся і я.

Жыве Беларусь! Слава Нязломнасці!»

#ДзеньНязломнасці

@CabinetBelarus

Main carousel image